63134b37     

Дмитрук Андрей - Ноч Маладзiка (На Белорусском Языке)



Андрэй Дзмiтрук
Ноч маладзiка
Пераклад: Павел Марцiновiч
Толькi цяпер, пасля раскопак, магу я сказаць сёе-тое пра знiкненне Сяргея
Iўчанкi.
Сёе-тое, але нiчога такога, што магло б, скажам, спатрэбiцца работнiкам
мiлiцыi. (Я ўжо даўно ведаў, што Серж знiк: я вытрымаў шматдзённую буру
тэлефонных званкоў яго мацi, быў вымушаны ўдзельнiчаць у няўцямнай Iрынiнай
мiтуснi па горадзе, але цалкам адчуў прапажу толькi перад РАУС, дзе
красавалiся на стэндзе вышуку лiстоўка "Знайсцi чалавека" з фотакарткаю
Iўчанкi.) Магчыма, я адзiны, хто здагадваецца, дзе цяпер Серж. Калi я нават
маю рацыю, дык вярнуць яго да нас не лягчэй, чым з таго свету альбо з iншай
Галактыкi. (Гэта быў добра вядомы мне здымак, прафесiйны, хоць i зроблены ў
хатнiх умовах. Здымаў наш прыяцель - аператар кiнакронiкi; фонам служыла белая
прасцiна, павешаная на сцяну. Святы Божа, каб мы ведалi, дзеля чаго паслужыць
гэтая зробленая пад мухай фатаграфiя! Паважны Серж са сваiмi крыху лупатымi
вачыма i роўна падстрыжанымi светлымi вусiкамi глядзеў з мiлiцэйскага стэнда,
захоўваючы выраз камiчнага пафасу: разварот у тры чвэрцi, нiжняя губа
выпнутая, галава задраная...)
Так, ён лiчыўся маiм найблiжэйшым сябрам. Адзiнаццаць гадоў мы з iм
прагульвалiся, ездзiлi на пляж i ў грыбы, хадзiлi ў кiно цi ў тэатр,
фiласофствавалi за шклянкай вiна - адным словам, вадзiлiся, як заведзена ў
людзей, што любяць адзiн аднаго i не звязаны нiякiмi дзелавымi зносiнамi.
Разоў колькi Серж зрабiў мне пратэкцыю ў якiхсьцi службовых асобаў, колькi
разоў i я "закiнуў слоўца" за яго; трохi больш было выпадкаў грашовай
узаемавыручкi. На падставе гэтага мне цяжка сказаць, цi пайшоў бы я з Сержам
"у разведку" i як бы ён паставiўся да мяне ў гэтай "разведцы". Пэўна, не горш,
чым я - да яго. Магчыма, мы сапраўды былi сябрамi.
Серж вызначаўся высокiм ростам, меў роўную мужную паходку i выдатную
выпраўку, але ж вялiкiм поспехам нi ў грамадзе, нi ў жанчын ён не карыстаўся.
Нямала людзей намнога саступаюць яму i вонкава i духоўна, але пры гэтым нейкая
беспамылковая iнтуiцыя падказвае iм, як сябе паводзiць, што дзе сказаць...
Такi чалавек у любы момант адчувае сябе нiбы рука ў зручнай пальчатцы.
Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаiзм - усё яму даруецца. Затое прыгожаму,
вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккiм нiзкiм голасам i дагледжанымi
рукамi - менавiта яму не даравалi нiякай памылкi. I было гэта з прычыны яго
вечнай няўпэўненасцi ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусцiць у яго бок
iранiчную рэплiку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры
гэтым на Сержа, каб ён разгубiўся, зрабiўся нудны, пануры i ў рэшце рэшт змоўк
зусiм падчас ледзьве не са слязьмi ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да
людзей i да iх поглядаў - гэта i ёсць сакрэт поспеху памянутых мною генiяў
адаптацыi?..)
Серж даволi часта ўлюбляўся, i многiя ахвотна прызначалi яму сустрэчу, але
хутка расчароўвалiся, бо мой рамантычны сябра ўжо лiчыў выбраннiцу незвычайным
стварэннем, сваiм другiм "я" i абрушваў на яе ўсе свае перажываннi i
выпакутаваныя думкi. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становiцца ўсё больш
халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькi палкiмi i патрабавальнымi
прызнаннямi, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзiны сын, яго
бацькi выязджалi ў доўгiя камандзiроўкi, i Серж з малалецтва заставаўся пад
наглядам старэнькай бязвольнай бабулi, сам-насам з велiзарнай бiблiятэкай.)
Увогуле, я ад душы радаваўся за Сержа калi мне ўдалося звесцi яго з
Iрынай



Назад